Українська та зарубіжна поезія

Вірші на українській мові






Яшчэ адзін літоўскі дывэртысмэнт (з кнігі “Сто лі100ў на tut. by”)

@ @ @

І разумееш: сьвяты, бляха, сьвяты…

А. Хадановіч

Ці то сон, ці то новы сполах

вершаваньня ў чарговым опусе.

Дзьве гадзіны сяджу на колах –

паўдарогі да Вільні ў аўтобусе.

У мазгох – касьмічныя войны,

у вачох – усе перакулена:

і касьцелу сьпічак падвойны,

і царквы малая цыбуліна.

На шляху – памежнік і мытнік,

спадарожнікі – мат на маце;

ты і сам нішто сабе “бітнік”

з каньяком у кішэнным фармаце.

Твая ўдача хадзіла ў прымах,

а цяпер – апусьцілі ў кіпень.

А калісьці ў лагодных рымах

ты пісаў пра сьвяты і ліпень.

І нібыта – в полном порядке,

абмінуў падводныя міны…

Толькі згадкі, халера, згадкі,

успаміны, блін, успаміны…

@ @ @

Паэтычны запаведнік,

сотня блазнаў у вальеры.

Хто тут зубр, а хто наведнік –

два бакі адной кар’еры.

Хто ахвяра, хто заступнік,

хто нарэшце стаў шчасьлівым,

хто мяшае піва й крупнік,

хто мяшае крупнік зь півам.

Хто – наяве, хто – у сьненьні,

але ўсе глядзяць ільвамі:

хто кайфуе, бо натхненьне,

хто сумуе, бо ня з Вамі.

@ @ @

Залатая восень. Друскенікі.

Віртуозы й проста пісьменьнікі.

На квадратным мэтры – па мэтры.

І – дыскусія аб паветры.

Недзе блізка – віно й паненкі,

як паветра глыток дармовы…

А навокал – чатыры сьценкі

і – прамовы, прамовы, прамовы.

Прамаўляючы ў стылі рэтра,

задыхаюся на паўслове,

бо даўно не стае паветра,

а, магчыма, проста любові.

@ @ @

У кавярні, якую наведваў Бродзкі (ці Троцкі),

дзе, паводле зьвестак, павольна бягуць хвіліны,

прыдумляй свой вершык задроцкі,

жуючы свае цэпэліны.

Ля францускай кнігарні ці муру старой друкарні

зь беларускамоўнаю шыльдай пі з рыльца

брэндзі,

у каменнага польскага парня

запытаўшыся: “Co to będzie?”

Да сярэдзіны ночы ля сажалкі на Зарэччы

зь сябрукамі-літоўцамі ладзь шчасьлівую п’янку.

А пасьля хапайся за рэчы

і дадому цягніся зранку.

Нібы Троцкі, ці Бродзкі, ці нехта трэці,

руш у Трокі, у Броды, у тагасьвецьце.

@ @ @

Вершаваны літоўскі нарыс.

Павуціны апошні волас.

Прагулянка берагам Нярыс.

Паляваньне на рыфму ўголас.

Рандэву на віленскім бруку.

Унівэрсытэцкі падворак.

Дыялегі, лішнія ў друку.

Постпахмельны звыклы аўторак.

Мэдытацыя ў Вострай Браме

і блуканьне ў краме зь сябрамі.

Зноў бухаю, але цывільней,

бо заключны вечар у Вільні.

@ @ @

…і чуеш, як родны памежнік кажа мне: “Здравствуйте!”

У. Арлоў

Між Летувой і РБ – тэрыторыя нічыя.

Колы змаўкаюць. Мытнікі абыходзяць вагоны.

Зараз будуць глядзець у пашпарт, бы там – ня я,

а каляровы здымак Мэдузы Гаргоны…

Толькі раптоўна:

“Спадар Хадановіч? Андрэю!”

Слухаю – і дурэю.

Нібы з марозу добра заліў за каршэнь,

я адчуваю радасьці поўную аблачыну

ў штанах, куды за пашпартам лезу ў кішэнь,

зачараваны ілюзіяй, што вярнуўся ў сваю айчыну.

30 верасьня – 6 кастрычніка 2004, Менск-Вільня-Друскенікі-Вільня-Менск

Наша Ніва – 2004 – 38

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Яшчэ адзін літоўскі дывэртысмэнт (з кнігі “Сто лі100ў на tut. by”) - АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ