Українська та зарубіжна поезія

Вірші на українській мові





CANTO

Суцэльная цемра – хоць выкалі вока навокал.
ня бачна людзей, камяніцаў – нічога навогул.
Прыступнае вуху стварае далекае водгульле
таго, што для наскага зроку няўгледнае ўвогуле.
Знадворнае цемрадзі чмур атачае крывізны:
мурынкаю ў чорных панчохах і з чорнай бялізнай
на пругкіх прывабнасьцях (звыклых, штоночных, спрыкрэлых!)
згушчаюцца гукі гурмою на хісткіх арэлях –
на гушкалцы словаў, у рухах хістальніка фразаў…
Абынач туга за абэцэдай месячных фазаў:
ні коўш-маладзік, ані поўня-малочная студня
ня ўгледныя сеньня, ня бачныя ў сьвятдні і будні
нікому й нідзе, бы ніколі ўгары й не было
апукі паветранай, што адбівае сьвятло,
шпурляючы кроплямі зоры, нібыта вясло,
якія ад нас крумкача засланіла крыло,
па ночнай красе нам пакінуўшы тхліну і тло,
нябеснаму сонечніку надламіўшы сьцябло,
каб сьвет пакаціўся бярвеньнем, згубіўшы шуло,
туды, дзе шыбуня, махляр, балбатун, памяло,
што, сеўшы на зэдлік, Пэгаса загнаў пад сядло,
асадку трымаючы моцна, як быццам кайло,
на шыбіну гледзячы – чорнае ночнае шкло,
нібы да Гадэсу нясе залатое жазло
(лірычны вулкан расчыняе свае жарало,
каб выпусьціць лаву – наступную рыфму на “ло”:
ен іх нагрувашчвае ў содні, лічы, паўкіло –
“Пятнаццатая!” – будзе шчэ! – ўсім паэтам назло
чарговы рэкорд зафіксуе папера-табло!),
сядзіць на вароўні, ад бессані змучаны Аргус,
пільнуе натхненьне, на свой касавурыцца аркуш:
яму, аркушэру й асадніку, льга спрабаваць
атрамантам сьвет зруйнаваны адрамантаваць,
і вось – ен гатуе чарговы няўежны тэрцэт,
паэт-вычварэнец, эпохі камічны фальцэт.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

CANTO - АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ