Українська та зарубіжна поезія

Вірші на українській мові







Cто пудоў адзіноты

больш нічога не адбываецца

толькі неба ў вадзе адбіваецца

Дзьве лыжкі солі на шклянку цеплага мора,

якое цячэ з валасоў і на твары ня стыне.

Ляціш празь мяжу на сустрэчу са сьветлым tomorrow

і ўпадаеш у мора ў раене Гданьску і Гдыні.

Вільготны вецер зранку мазгі прамывае.

Зьвіліны вашых маршрутаў – на гданьскіх мапах.

Міма цябе пралятаюць аблокі, птушкі, трамваі,

караблі з Вэстэрплятэ і электрычкі на Мальбарк.

Вучыш замежныя мовы па караоке.

Джаз-фэстывалі чаек на молах і пірсах.

Кожная дзеўка – анел, найчасьцей – каравокі.

На языках без касьцей сустракаецца пірсінг.

У плянэтарыі сьпіш пад коўдрай Вялікай Мядзьведзіцы,

і загараеш пад хмарным небам на злосьць прагнозам;

істота, якая здалек чырвонаю скураю сьвеціцца,

выкладчык Ліцэю, паэт з абгарэлым носам.

А потым дашлеш па пошце альбо напішаш у посьце

верш-апраўданьне, сам сабе абаронца,

што ты тут паводзіўся, як і належыць госьцю –

не згараў на буйках і не заплываў за сонца.

шчасьце й дажджы табе выпадаюць блекамі

шэрыя й белыя плямы ў неба на твары

нібы калейдаскоп чаруе аблокамі

хмары аблокі хмары аблокі хмары

неба ў вадзе а вада ў суцэльным гудзеньні

хутка на кожным пальцы ног па маскіту

калейдаскоп прамок і мяняе адзеньне

шэры і белы і шэры колер блакіту

сонца схавала праменьне ў тваім настроі

ў небе цукровая вата і польскія леды

ты ўмыкнула плэер цяпер нас трое

і я ня сплю пад дыктоўку тваей мэледыі

і я трымаю ў вушах крыху тваей музыкі

і я трымаю ў грудзях крыху твайго паветра

але мае фантазіі зашпіленыя на ўсе гузікі

але твае мроі й на пляжы ня ходзяць бяз швэдра

адлегласьць у сорак мэледыяў – не з малых

і мы да самай мяжы будзем мець занятак

каштуючы адно аднаго на слых

спалучаныя сасуды пад знакам сіямскіх блізьнятак

сто пудоў адзіноты

I just called to say “I love you”.

Stevie Wonder

сто пудоў адзіноты больш чым пацягне ліфт

за акном то зьліва то пролівень то залева

ходзяць думкі налева і ўлева схіляюць шрыфт

і пішу пачынаючы з рыфмаў справа налева

сеньня дзень і ноч пагадзіліся на нічыю

і ніякай нябеснай манны максымум манка

а назаўтра вечар з раніцы зуб даю

гэта восень будзе вільготнай як німфаманка

гэта восень будзе вільготнаю сто пудоў

нібы горла не прасыхацьме да небакраю

але будзь я нават нэграм пахілых гадоў

я вазьму тэлефон і скажу што цябе кахаю

ты ўмееш гадаць бяз кавы – досьць

цынамону й гвазьдзікі

арыентуесься ў музыцы і паралельных сусьветах

юная нібы яшчэ не запалены маладзік і

старая як вечнасьць таму пагашаны ў небе ветах

заўседніца ў кожным касьцеле сынагозе і кірсе

гатовая ехаць стопам а потым вяртацца па шпалах

а потым выйсьці на подыюм хістаючыся як на пірсе

такая легкая што здаецца змые любы фатаспалах

покуль мэтро развозіць па навагоднім аргане

покуль мяне развозіць – праўду мяшаў з маною

ты засынаеш у недасяжнай дзявочай фата-маргане

і прачынаесься ў ложку побач са мною

Разьвітаньне. Паэма

Выкінула ў акно ўсю яго паклажу:

“Не прыходзь сюды больш – загрыміш у турму!”

“Усе мы пад Богам ходзім”, – хлопец ей кажа.

“Усе вы пад бокам ходзіце”, – кажа яна яму.

Прагартаўшы жыцьце настолькі, што ўжо закладку

укладаеш ня між астатніх, а між прачытаных старонак,

забываеш амаль пра ўсе, што было спачатку,

і гартаеш спачатку – і раптам бачыш: пячатку

на старонцы сямнаццаць пакінуў чыйсьці пярсьценак.

І глядзяць чырвоныя вочы на паляроідзе:

пераходны ўзрост – на крызіс сярэдняга веку.

І гаворыш сабе, што ўрэшце і гэта пройдзе,

і вяртаеш кнігу ў школьную бібліятэку.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (3 votes, average: 2,00 out of 5)


Cто пудоў адзіноты - АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ