Українська та зарубіжна поезія

Вірші на українській мові







Мастацтва выжываньня

Калі прачынаешся зранку,
упэўніся, што жывы:
крыху адшморгні фіранку.
(Не выхіляй галавы!)

Угледзеш тую ж макабру
і тую ж адчуеш млосьць –
вось довад, што ты, мой сябру,
дагэтуль на сьвеце есьць.

Шчэ дзень у нябыту выкраў –
змагайся ж, такі закон!
Каб потым было ня прыкра
за марна пазбыты скон.

Жыві, колькі стане сілаў.
(Жыцьце – вялікі прыкол!)
Нічым ня крыўдзі дэбілаў,
што мірна жывуць вакол.

Цэфалам (макра і мікра)
ня тыцкай у нос буквар,
каб потым было ня прыкра
за марна разьбіты твар!

Разьбілі – ня трэба енку:
згадай хрысьціянскіх сьвятых,
падстаў другую пашчэнку –
і раптам шваргні пад дых!..

Красуні ў калготах зь лікры
рашуча скажы: “Сыходзь!”,
каб потым было ня прыкра
лячыць сапсутую плоць!

Мы ў гэтым жыцьці – навабранцы,
гарматнага мяса шматок:
пойдзеш налева – пранцы,
наўпрост – электрычны ток,

направа – шчэрыць яхідна
іклы табе напаказ.
Каб потым было не агідна
ўдыхаць атручаны газ,

вучыся расейскага мату,
ня еж на людзях мацы,
трымай у піўніцы гармату
і гаўбіцу – на гаўбцы.

Знадворку чыняць такое,
што цяжка ўявіць, – няхай!
Схавайся ў сваім пакоі,
стаі дыханьне й чакай.

Бо прыйдзе міг адмысловы,
натхненьня павеў ляткі, –
складацьмем вольныя словы
ў нязмушаныя радкі.

Пяяцьмем вясны, каханьня
й паэзіі вечны хаўрус.
Давай, кастальскі пахане,
палохай цнатлівых Муз!

Шукацьмем свае сугуччы
у прыцемках нас саміх,
каб потым ня стала балюча
за марна страчаны міг.

“НАША НІВА” № 34 (243), 20 жніўня 2001 г.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (3 votes, average: 3,00 out of 5)


Мастацтва выжываньня - АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ
 »