Українська та зарубіжна поезія

Вірші на українській мові






ІЛЬВОЎ*

Юрку Прахаську

Адапхнуцца ад Ратушнай вежы ды рынуцца ў бездань,
каб магутныя крылы паноўных над местам званоў
падхапілі, панесьлі, загойвалі даўнюю бессань,
занураючы ў фарбы ляткіх недабачаных сноў.

Бессэнсоўна лунаць, абмінаючы стрэчныя вежы,
прамінаючы коміны ў іхнай цаглянай красе.
І спачыць ад палету, і ночныя пасьвіць відзежы
на бляшанай, старой, незнаемай з дахоўкай страсе.

Назіраць, як у шпацырах бавяць свой час ільвавяне,
па сьпякотных гадзінах лагодны вітаючы змрок,
удыхаючы водар з густоўнай павохнай кавярні,
пад павекамі цемры павольна губляючы зрок.

Усьміхацца разумнаю ўсьмешкай крылатага блазна,
з вышыні віжаваць, як снуюць жабракі пры царквах.
А калі заманецца усе апісаць падрабязна –
і самога сябе нечакана знайсьці далавах.

Заблукаць, загубіцца, заблытацца, трапіўшы долу,
ў камяніцах, дзе genius loci дагэтуль жывы.
Із шматлікіх сьвятыняў аддаць перавагу касьцелу –
пасьля шклянкі-другой каньяку ля армянскай царквы.

Ля муроў Бэрнардынаў піць піва зь вядомым паэтам;
калі ж зноў скалане навакольле вялізарны сьпіж,
павучынай сягнуць па-над галіцкім бабіным летам,
як паветраны зьмей, самагубна ўзьлятаючы ўвыш…

Заблукаўшы ў паветры, прасторы, няўісьненым міце,
каляровы матыль, папяровы кітайскі дракон
патанае ў блакіце, блакіце, блакіце, блакіце…
І вялізарны звон пераможна плыве наўздагон.

верасень 1999, Кракаў-Ільвоў

*зь нізкі “Галіцкі дывэртысмэнт-ІІ”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 2,50 out of 5)

ІЛЬВОЎ* - АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ