Українська та зарубіжна поезія

Вірші на українській мові






ДАР ПАЭМЫ

Нябесаў нэйлен і аблокаў бавоўна,
вышэй – біжутэрыя зор.
Ня вельмі каштоўна –
звычайны рымовы узор.

Далекі подых слоўнай завірухі,
круцельскі рытм, упэўненыя рухі
самнамбулы. Напэўна, штосьці мела
мне распавесьці – слушна, зразумела –
гармонія, умоўная ojczyzna
moja. Бруднаю бялізнай,
карункавай, але ж усе чужою,
мне рэшткі сэнсу бачацца за ржою
з кагосьці запазычаных мэтафар:
амаль лямбард, дзе трансцэндэнтны явар
гукае адпаведную каліну
(яшчэ Бадлер казаў пра “адпаведнікі”
(глядзіце адпаведныя даведнікі));
кунсткамэра, лес сымбаляў, галіны…

Галіны сьвядомасьці – зьвіліны,
вачэй назіральныя шчыліны,
халодная мова,
зімовыя ўмовы
і верш, што таксама зімовы.

А пасьля толькі боты
пазамежнай кабеты
і на сьнезе сьляды,
што вядуць ў нікуды,
ў пазамежжа,
мне пакінуўшы толькі крывавы адбітак абцаса:
гэта верная муза
паела ад пуза
паэтычнае ежы,
паэтычнага мяса.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

ДАР ПАЭМЫ - АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ