Українська та зарубіжна поезія

Вірші на українській мові






АПОВЕСЬЦЬ ПРА САПРАЎДНАГА ЧУЖЫНЦА

Я насамрэч чужаніца й нішто насамрэчна-чужынскае мне не чужое,
ненасамрэчна-чужынскае ці насамрэч-нечужынскае ўжо я,
нібы раба, забіваю на пляжы і, быццам араба, зь сябе выціскаю па кропле,
каб, стаючыся напраўду чужынцам ад капелюша да абцаса пантоплі,
з гонарам вымавіць: так, насамсправе, я ўжо наўсуцэль чужаніца,
бацька і маці таксама чужынцы, чужынка мая сужаніца,
сестры й браты, і стрыечны пляменьнік, бабуля, і дзеці, і ўнукі,
нат ненароджаны праўнук ім зробіцца без аніякай прынукі,
нат спадкаемцы-нашчадкі, наступнікі покуль ня страцілі шанец –
кожны – прынамсі аднойчы – адчуе, што ен натуральны чужанец
(перапрашаю, чужынец), адчуе любою сваею чужынскай вантробай,
кожнай чужынскай душэўнаю фібрай адчуе, што ен тут – пабочнай асобай,
ен тут сугней у самоце, мармоль у маркоце, закладнік такіх жа, як сам ен, дзікунак:
гэткія дзеўчыны не пакладуць ні жыцьця, ні каханьня на ўласны швайцарскі рахунак
сына сваіх марнатраўных бацькоў і наймарнатраўнейшага часу –
часу зацятых і палкіх чужынцаў, тае неўтаймоўнае, дзікае расы,
што аніколі ня будзе празь верных насьледнікаў, собскіх сыноў пераймацца
(хай ужо тыя насьледуюць і пераймаюць, калі не лякаюцца марнае працы!),
што прыбірае відзежы ў ядваб, аздабляе трызьненьні каштоўным каменьнем
і, імкнучы ў безназоўнай цямрэчы за пекным жаночым найменьнем,
кожнае ночы палюе на любасьць і песьціць запал запаволенай міны,
кожнага дня захлынаецца мрояй пра тое, чаго не было, але так, быццам проста гартае ўспаміны,
кожнага вечару ведае праўду, а зраньня ізноў дае веры – канец выдае на пачатак!
(мова мяне выдае, пане Зыгмунце!) – і, натуральна, ізноў памыляецца – дурань! ніякі ты мой не нашчадак! –
я ў тваім веку таксама жанчын унікаў, але гэта былі, насамперш, прыгажуні,
а, па-другое, сапраўдныя дзеўчыны, а не фантомы ўяўленьня – шальбэра й шыбуні:
калі ўжо грэбаваць, дык найпякнейшаю ў сьвеце істотай,
каб, карыстаючы з добрай нагоды ўглядзецца ў суладную нагасьць і ўчуць п’яны водар лістоты,
бачыць ня плоць алімпійскай красуні, бо нат багавіца чужынцу ня роўня,
а звычайнейшыя грудзі і сьпіны, і шыі, і рукі, і ногі ў мужчынскай пароўні
(зрэшты, у сьвеце празрыстых фіранак, дзе дома і сьцены віжуюць, за сценамі ж – блазны і вязьні,
найпрыдатнейшае сховішча – ў пары расійскае лазьні!).

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (3 votes, average: 2,00 out of 5)

АПОВЕСЬЦЬ ПРА САПРАЎДНАГА ЧУЖЫНЦА - АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ